ЛІ́ТЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць у сабе літый, або яго злучэнні. Літый знаходзіцца ў рудах пераважна ў форме мінералаў; у невял. колькасці ізаморфных дамешкаў уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў (слюд, турмалінаў і інш.). Гал. літыйзмяшчальныя мінералы, якія маюць прамысл. значэнне: спадумен (6—7% LiO2), петаліт (3,5—4,9%), амбліганіт (8—10%), а таксама літыевыя слюды: лепідаліт (4—6% LiO2), цынвальдыт (3—3,5%). Трапляюцца ў гранітах, пегматытах і грэйзенах. Буйнейшыя радовішчы Л. р. ў Канадзе, ЗША, Паўд. Радэзіі, Паўд. -Зах. Афрыцы, Бразіліі, Расіі і інш.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)